ЭЛЕКТРАКІНЕТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў сістэмах з капілярамі ці мембранамі, змешчанымі ў электраліт, пры накладанні знешняга эл. поля, а таксама адваротных ім эфектаў.

Абумоўлены наяўнасцю падвойнага электрычнага слоя на мяжы падзелу фаз і здольнасцю дыфузнай ч. гэтага слоя зрушвацца адносна нерухомай яго часткі. Да Э.з. адносяць электраосмас, электрафарэз, з’яўленне эл. рознасці патэнцыялаў паміж канцамі капіляраў ці мембран пры працяканні праз іх вадкасці, узнікненне рознасці патэнцыялаў пры асяданні (седыментацыі) часціц, суспензаваных у электраліце (эфект Дорна).

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)